Шукайце дар у дабрыні,
Адзіны, Божы, незвычайны…
А музыку – у цішыні…
А шчасця голас – у маўчанні…
Вікторыя Смолка
Лістападаўскія, апошнія восеньскія вечары, асветленыя першым снегам, уздымаюць настрой і нагадваюць усім, што ўжо блізяцца святы: Раство Хрыстова, Новы год…
Творчы вечар духоўнай паэзіі прайшоў у нашым праваслаўным жаночым клубе «Святліца». Усім прысутным ён падарыў сустрэчу з цудоўным чалавекам, надзеленым Божым дарам – Вікторыяй Смолкай, маладой паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Маладая дзяўчына з трапяткою, чыстай душою, адкрыта і проста дарыла ўсім прысутным сапраўдную музыку слова, якая, здавалася, празрыстым ручайком ліецца з яе вуснаў, сплятаючыся ў адзін прыгожы строй: паэзіі і прозы (прозай – пра асабістае жыццё і творчасць). І нездарма, як яна сама адзначае, што піша музыку сваёй душы. І гэта менавіта так. Яе вершы гучаць сапраўднымі музыкальнымі кампазіцыямі – песнямі на музыку расійскіх і беларускіх аўтараў.
А вершы Вікторыі Смолкі асаблівыя. Гэта адлюстраванне яе тонкай душы, гэта чысціня і светласць, гэта чароўнае гучанне роднай, беларускай мовы ў кожным паэтычным радку, у якіх раскрываецца любоў да жыцця, да Бога, да прыроды і людзей, да сбацькоў і Радзімы. Гэта вершы з глыбокімі пачуццямі і думкамі.
Усіх удзельнікаў сустрэчы вельмі ўразіла і кранула пранікнёнасць і шчырасць твораў маладой паэтэссы. Яе непаўторны талент – бачыць усё навокал зрокам свайго сэрца, напоўненага дабрынёй, малітоўнай удзячнасцю Богу за свой лёс, за тую любоў, што насычае душу промнямі цяпла і свету, за ўсё, што дапамагае ёй жыць і тварыць.
Вікторыя часам задае сабе пытанне: адкуль да яе прыходзяць вершы? І адказвае: «Яны прыходзяць да мяне з Нябёсаў». Яна аўтар паэтычных зборнікаў: «Зоркаму сэрцу», «Анёл-ахоўнік», яе вершы друкавалісь і друкуюцца ў перыядычных выданнях Беларусі, Расіі, у альманахах «На Нёманскай хвалі», «Маладосць», «Поэзия Мегаполиса» (Расія), у калектыўных зборах «Каложскі Благавест», у газеце «Літаратура і мастацтва», у «Православной газете» г. Курган (Расія) і іншых. А сваім анёлам-ахоўнікам у паэзіі лічыць Максіма Багадановіча, з творчасццю якога сутыкнулася яшчэ ў школьныя гады. І першы свой верш на беларускай мове аўтарка прысвяціла вобразу маці паэта Марыі Апанасаўне.
Хутка праляцеў час нашай вечарыны. З вялікай удзячнасцю і добрым намерам новых сустрэч мы развітваліся з нашай дарагой госцяй, якая падарыла на памяць дзеткам нашай нядзельнай школы свае цудоўныя паштовачкі «З вершаняткавай дзюбкi» са сваімі невялікімі вершамі-пажаданнямі.
Шчырая падзяка табе, даражэнькая Вікторыя, ад усёй нашай «Святліцы». Жадаем Божай дапамогі на далейшы творчы шлях, ажыццяўлення ўсіх тваіх мар і добрых надзей!